ТУРА́НСКАЯ НІЗІ́НА, Туранская раўніна,

раўнінная частка Сярэдняй Азіі і Паўд. Казахстана, занятая пераважна пустынямі (Каракумы, Кызылкум і інш.). На Пд абмежавана Капетдагам і адгор’ямі Парапаміза, на З — узбярэжжам Каспійскага м., на ПнЗ — паўд. і ўсх. схіламі Мугаджараў, на ПнУ — Казахскім драбнасопачнікам, на У — перадгор’ямі Паміра-Алая і Цянь-Шаня. Пераважныя выш. да 300 м, на З узбярэжжа Каспійскага м. ніжэй узр. акіяна на 28 м, упадзіна Карагіе на 132 м. Асн. ч. Т.н. адпавядае Туранскай пліце, складкаваты фундамент выходзіць на паверхню толькі ў асобных месцах, перакрыты асадкавымі меза-кайназойскімі адкладамі, багатымі нафтай, газам, вапняком, гіпсам, соллю. Для рэльефу характэрна чаргаванне акумуляцыйных нізін і раўнін са сталовымі плато. Клімат кантынент., вельмі сухі. Пераважаюць палынова-салянкавыя, псамафітныя і эфемеравыя пустыні, якія выкарыстоўваюцца як пашы.

т. 16, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)